«ТРЭ́ЦЯЕ АДДЗЯЛЕ́ННЕ» Уласнай яго імператарскай вялікасці канцылярыі,
орган паліт. вышуку і следства ў Расіі ў 1826—80. Кіраўнікі: гал. начальнік (адначасова шэф жандараў) і ўпраўляючы (у 1839—71 адначасова нач. штаба корпуса жандараў). Складалася з 5 экспедыцый, агульнага архіва, 2 сакрэтных архіваў і друкарні. Выканаўчыя органы: установы і вайсковыя часці корпуса жандараў (гл. Жандармерыя). «Т.а.» выявіла сваю неэфектыўнасць у барацьбе з рэв. народніцтвам канца 1870-х г. (у 1879 у яго кіруючы апарат пранік агент «Народнай волі» М.В.Клетачнікаў) і ў жн. 1880 скасавана, функцыі перададзены Дэпартаменту паліцыі МУС. Гал. начальнікі «Т.а.»: А.Х.Бенкендорф (1826—44), А.Ф.Арлоў (1844—56), В.А.Далгарукі (1856—66), П.А.Шувалаў (1866—74), А.Л.Патапаў (1874—76), М.У.Мезянцоў (1876—78, забіты), А.Р.Дрэнтэльн (1878 — сак. 1880), П.А.Чарэвін (сак. — жн. 1880).
т. 16, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)